Меценацтва

«Беларуская хрысціянская азбука»

«Беларуская хрысціянская азбука» – гэта кніга, якая была створаная з любоўю і вераю, каб вучаць нашых дзетак з маленства чытаць па-беларуску і ведаць родную мову. Ідэя стварэння азбукі ўзнікла ў калядны вечар, яе адразу ж падтрымаў вядомы дзіцячы аўтар Канстанцін Севярынец. Малюнкі да азбукі падрыхтавала маладая і таленавітая мастачка Аляксандра Дзежыц. На працягу 2015 году літаркі разам з вершамі ды ілюстрацыямі друкаваліся на сайце krynica.info і атрымалі шмат добрых водгукаў ад матуляў, татаў і, канешне ж, дзетак. У кастрычніку 2016 года “Беларуская хрысціянская азбука” з’явілася на паліцах кніжных крамаў.

«Беларусалім»

“Беларусалім” – раман Паўла Севярынца, які ён пісаў 12 гадоў, у тым ліку ў следчым ізалятары КДБ “Амерыканка”, цягам адміністратыўных арыштаў, у ссылках (на “хіміі”) у Малым Сітне ды Купліне. Першая кніга раману аб’ёмам 450 старонак называецца “Беларусалім. Золак”. Месцы дзеяньня – Менск, Кіеў, Полацк. Выданьне 1000 асобнікаў плануецца ў верасні 2017 года. Напрыканцы кастрычніка 2017 года – прэзентацыя кнігі ў Менску

Збор твораў Уладзіміра Дубоўкі

Першы і ўнікальны збор твораў Уладзіміра Дубоўкі у двух тамах. У 1920-х гадах, калі надзвычай таленавіты, імклівы, бясспрэчны лідар літаратурнага працэсу, Дубоўка адзін за адным выдаваў зборнікі вершаў, шмат з іх пакідалася для дапрацоўкі, а пасля – друкаваць ужо не было як, бо імя і кнігі Уладзіміра Дубоўкі на трыццаць год былі забароненыя. Няма ніводнага паэта ў свеце, які праз трыццаць год вымушанага маўчання вяртаўся б у літаратуру – не помнікам, не ценем, не прывідам, але актыўным удзельнікам літаратурнага працэсу. Ніводнага, акрамя Уладзіміра Дубоўкі. Чатыры прыгаворы па палітычных працэсах, высылка, лагер, вечнае пасяленне – ён павінен быў змоўкнуць назаўсёды, але ён вытрываў, вярнуўся і зноў пачаў пісаць. Так, яго друкавалі з цяжкасцямі і агаворкамі. Так, яго вымушалі рэдагаваць і перапісваць старыя вершы на новы лад. Але ён вяртаўся тады – і працягвае вяртацца па сёння. Тыя вершы, якія не маглі выйсці на паперы сорак год таму, нарэшце могуць свабодна трапіць да свайго чытача.

«Караліна»

«Караліна» (па-ангельску Coraline) – дзіцячая аповесць, напісаная ў 2002 годзе брытанскім пісьменнікам Нілам Гэйманам. Кніга атрымала шаснаццаць прэстыжных літаратурных прэміяў, у тым ліку прэмію Х’юга за лепшую аповесць, прэмію Брэма Стокера за лепшы твор для маладых чытачоў і прэмію Локуса за лепшую аповесць для падлеткаў. У 2009 годзе па аповесці быў зняты мультыплікацыйны фільм. Быў таксама пастаўлены мюзікл, пабачыла свет відэагульня па матывах аповесці. «Караліна» перакладзеная на 30 моваў, па ўсім свеце прададзена болей за мільён асобнікаў гэтай кнігі. Кніга перакладзена на беларускую мову ў 2017 годдзе Дар’яй Вашкевіч.

Музычна-адукацыйны праект

Музычна-адукацыйны праект, прысьвечаны памяці беларускіх дзеячоў культуры і навукі, расстраляных у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937-га году.

«Свінка Пэпа»

Праект агучкі на беларускую мову «Свінкі Пэпы» (Peppa Pig) — мульціка для самых маленькіх

«Хронікі Нарніі»

“Хронікі Нарніі” — залатая класіка брытанскай літаратуры. К. С. Льюіс разам з Дж. Р. Р. Толкіным лічацца заснавальнікамі і найлепшымі прадстаўнікамі жанра фэнтэзі. Гэта першая кніга з 7-мі, якая распавядае пра стварэнне Нарніі і пра тое, з чаго пачаліся ўсе далейшыя прыгоды герояў.